Пошук

06.05.2024 14:51   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

4 мая пасля святой Імшы ў першую суботу месяца, што традыцыйна адбываецца ў Будславе ў межах Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Касцёла на Беларусі Сэрцу Езуса, пілігрымы з Мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены завіталі ў Валкалату ў касцёл святога Яна Хрысціцеля (Віцебская дыяцэзія, Докшыцкі дэканат), дзе захоўваецца адзін з найстарэйшых абразоў Езуса Міласэрнага.

Пробашч парафіі ксёндз Алег Півавар распавёў пілігрымам пра гісторыю валкалацкай святыні і пра абраз Езуса Міласэрнага, які пасля нядаўняй рэстаўрацыі быў вернуты на сваё месца, дзе, паводле ўспамінаў мясцовых вернікаў, вісеў ад пачатку яго з’яўленне ў касцёле.

«Як прывезлі, тады абраз у нас быў павешаны ля алтара Маткі Боскай Дапаможніцы душам чысцовым», — гэта вытрымка з успамінаў парафіянкі Валянціны Штуро, прыведзеных у кнізе «Скарбніца Беларусі». У гэтай кнізе ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк сабраў інфармацыю пра з’яўленне абраза Езуса Міласэрнага ў Валкалацкай парафіі, а таксама сведчанні мясцовых вернікаў, якія распавядаюць, як абраз з’явіўся ў касцёле. У выданні змешчаны вытрымкі з «Дзённіка» святой сястры Фаўстыны Кавальскай, у якіх апісаны яе містычны досвед духоўных сустрэч з Уваскрослым Збавіцелем, а таксама разважанні над пасланнем Божай Міласэрнасці.

Перад адноўленым абразом мінскія пілігрымы разам памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Лічыцца, што, акрамя выявы Езуса Міласэрнага, якая цяпер захоўваецца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільні, існавалі яшчэ два папярэднія абразы, напісаныя мастаком Яўгенам Казіміроўскім са словаў сястры Фаўстыны.

Аднак тыя выявы, паводле сястры Фаўстыны, не адпавядалі таму, што яна сузірала ў аб’яўленнях, і таму былі ёю адхілены.

Адзін з двух абразоў сястра Фаўстына ўзяла з сабой, калі пакідала Вільню ў 1936 годзе, і па дарозе ў Кракаў пакінула яго ў Варшаве ў Доме сясцёр кангрэгацыі. Але паколькі ў той час візіі сястры Фаўстыны яшчэ не былі зацверджаны Касцёлам, эскіз абраза быў пакладзены ў сховішча, а падчас Варшаўскага паўстання дом сясцёр згарэў, і ў пажары загінуў таксама абраз.

Другі абраз Езуса Міласэрнага забраў ксёндз Міхал Сапоцька напрыканцы 1930-х, а дакладней у 1938 годзе, прывёз яго з Вільні ў Валкалату і падараваў тагачаснаму пробашчу парафіі ксяндзу Рамуальду Дронічу. Абраз захоўваўся ў капліцы непадалёк у вёсцы Завулле. Капліца ў часы вайны была спалена і разбурана, абраз перанесены ў валкалацкі касцёл, павешаны над сакрыстыяй і да нядаўняга часу там і знаходзіўся.

Тыя, хто бываў у касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце, заўважалі, што ў святыні ёсць два абразы Езуса Міласэрнага. З левага боку на калоне вісіць копія абраза, створаная мясцовым мастацком Казімірам Штурам. «Гэты маляр наш, у яго правая рука была без пальцаў, а маляваў ён левай рукой. І ездзіў ён у Вільню вучыцца маляваць. І левай рукой ён намаляваў гэты абраз», — узгадвае мясцовая верніца Валянціна Штуро, а пасля выява была папраўлена мастачкай Люцыяй Бальзукевіч. Яе прозвішча можна прачытаць на гэтым абразе.

Цяпер вядзецца даследванне адносна сапраўднасці напісання абраза Яўгенам Казіміроўскім, які можа быць менавіта адным з першых, напісаным мастаком, але пакуль спецыялісты не могуць гэтага пацвердзіць.

Між тым вернікі працягваюць маліцца перад абразом Збаўцы і спадзяюцца, што Валкалата можа стаць беларускім цэнтрам культу Божай Міласэрнасці.

 

Абноўлена 06.05.2024 15:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа