Пошук

06.05.2024 09:11   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

Сёлетняя адпустовая ўрачыстасць, якая 1 мая адзначалася ў лідскай парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц з Навагрудка, стала гістарычнай для гэтай маладой супольнасці.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у гэты дзень святая Імша ўпершыню адбылася ў парафіяльным касцёле, які будуецца. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстасць сабралася такая вялікая колькасць вернікаў, што будынак святыні не мог усіх змясціць.

Таксама ўпершыню ў гісторыі гэтай парафіі біскуп удзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.

На ўрачыстай Імшы прысутнічалі святары Лідскага дэканату на чале з біскупам намінатам Уладзімірам Гуляем, прызначаным каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. Як Біскупскі вікарый для Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа, ксёндз Гуляй заўсёды падтрымліваў маладую парафіяльную супольнасць.

Пробашч парафіі ксёндз Віталій Сідорка прывітаў прысутных і адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць з’яўляецца для гэтай маладой парафіі днём падзякі Богу за ўсе дары і ласкі, якія атрымалі вернікі ў апошні час. Святар дадаў, што асабліва дзякуе Пану за ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, якія прычыняюцца да ўзвядзення новага Божага дома.

У прамоўленай гаміліі біскуп намінат Гуляй засяродзіў увагу на асобе святога Юзафа — галоўнага апекуна гэтай парафіі. Ён адзначыў, што сваю ролю ў гісторыі збаўлення Юзаф адыграў моўчкі: «маўчаў не таму, што яму не было чаго сказаць ці мала што было сказаць, а таму, што таямніца, якой ён служыў, была настолькі вялікай, што ўцякала ад яго чалавечых словаў».

«Гэтая таямніца ўцякае таксама ад нашых словаў. Мы таксама вельмі бездапаможныя перад яе веліччу. Магчыма, таму Юзаф палічыў за лепшае нічога не казаць.

Для нас, якія жывем у свеце пустых словаў, вадалейства, адсутнасці адказнасці за напісанае і сказанае, а таксама ў свеце паўсюднага крыку і шуму, маўчанне Юзафа з’яўляецца каштоўнай парадай і нават рэцэптам, дзе шукаць лекі ад згаданых і іншых захворванняў або паталогій. І прафесійным прамоўцам, і нам, „аматарам“, якія маем дачыненне да слова кожны дзень — кожны з нас штодзень размаўляе, — Юзаф падказвае, што заўсёды патрэбная адпаведная порцыя цішыні і маўчання. Яна патрэбная штодзённа, каб пачуць голас Бога», — падкрэсліў святар, які 25 мая ў Гродне прыме біскупскае пасвячэнне.

Ён дадаў, што, як можна меркаваць на падставе Святога Пісання, словы Юзафа «заўсёды былі мудрымі і прыгожымі», «ён, напэўна, не ўжываў брудных словаў, не праклінаў», «ён ведае, што Бог даў слова, каб любіць».

Біскуп намінат узгадаў розныя абставіны, у якіх Святое Пісанне паказвае Юзафа. У адных абставінах «мы бачым яго заклапочаным і ў той жа час бездапаможным», у іншых «яго сэрца сціснулася, калі ён пачуў словы прароцтва», потым Юзаф «не толькі не спрачаецца з анёлам, але нават ні аб чым не пытаецца ў яго». Юзаф падтрымлівае сям’ю працай сваіх рук, ён, цясляр, «навучыў Езуса паважаць і нават любіць дрэва».

«Ён памёр, як жыў. Ён сышоў моўчкі, у цішыні, з адчуваннем выкананай справы. Можна было б сказаць, што цяпер са сцэны сыходзіць рамеснік, бо на сцэну вось-вось павінен увайсці Настаўнік з Назарэта», — падсумаваў Уладзімір Гуляй.

Па яго словах, Юзаф можа «навучыць нас добраму, прыгожаму і плённаму жыццю», «з яго дапамогай мы знойдзем Езуса ў святыні ці ў іншым месцы, хоць у гэтых пошуках будзем адчуваць боль сэрца і боль у нагах — як усё гэта адчуваў Юзаф». Таксама Юзаф «вучыць нас працы», а ў той жа час «перасцерагае, каб мы не „абагаўлялі“ працу»; вучыць «зрабіць усё, каб Марыя, а перш за ўсё Яе Сын Езус мелі права голасу ў нашым жыцці і каб мы кожны дзень да яго прыслухоўваліся». «З Юзафам Езус і Марыя адчувалі сябе ў бяспецы, адчувалі сябе як дома, нават у выгнанні ў Егіпце, — адзначыў намінат. — А як яны сябе адчуваюць побач з намі? Ці не жывуць яны пад пастаяннай пагрозай высялення? Ці не сядзяць ціхенька ў куце, каб не раззлаваць капрызных гаспадароў?»

Акрамя таго, Юзаф, па словах святара, «нагадвае, што наша роля ў фільме, якім з’яўляецца жыццё, другасная — галоўную ролю адыгрывае Бог»; «Юзаф перасцерагае нас ад унясення якіх-небудзь зменаў у сцэнарый, перш за ўсё ад спробаў змяніць гэтыя ролі».

«Калі б у Езуса, Настаўніка, былі ў свеце такія майстры, як яго прыёмны бацька Юзаф, Ён мог бы быць спакойным за гэты свет. Але пакуль у Яго толькі чаляднікі», — заўважыў біскуп намінат. Ён заклікаў удзельнікаў урачыстасці «паглыбляць, прыбягаючы да заступніцтва святога Юзафа, сапраўднага Майстра, нашае хрысціянскае майстэрства», «апранаючыся кожны дзень, як Юзаф, у вопратку любові».

Звяртаючыся да тых, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, намінат сказаў: «Святы Дух чакае ад вас, што вы ўчыніце ўсё магчымае, каб Божая ласка прынесла ў нас шматлікі плён. Ён чакае ад вас таго, каб дары веры і любові, якія вы атрымалі, не былі зачынены на ключ у сэрцах, у сценах уласнага дома, а каб вы прыносілі іх іншым». Намінат заахвоціў іх «зрабіць усё магчымае, каб быць людзьмі веры і любові ў Духу Святым і адважна абвяшчаць Евангелле ўваскрослага Хрыста ўсюды, куды Ён пасылае».

Напрыканцы Імшы вернікі выказалі ўдзячнасць біскупу Кашкевічу і біскупу намінату Гуляю за візіт, а свайму душпастыру — за вялікую адданасць парафіяльнай супольнасці, асабліва ў справе будаўніцтва святыні і будаўніцтва Касцёла духоўнага — з чалавечых сэрцаў.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў парафіянам працягваць ствараць і развіваць гэты жывы Касцёл, а таксама заставацца дынамічнай супольнасцю веруючых людзей, якіх яднае любоў да Бога і бліжняга.

Урачыстасць завяршылася супольным пачастункам каля будынка касцёла. Ад эўхарыстычнага пасілку вернікі такім чынам перайшлі да агульнага стала, радуючыся, размаўляючы і тым самым спрыяючы ўтварэнню супольнасці, у якой кожны становіцца для іншага братам і сястрой.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця